Расейцы зайшлі ў Іванаўскае і абыходзяць Ластачкіна. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 730-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія сцягі лунаюць над магіламі вайскоўцаў, забітых падчас працяглых баёў паміж расейскімі і ўкраінскімі войскамі, на могілках у Харкаве, Украіна. 17 лютага 2024 года.
Фота: Narciso Contreras / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Харкаўскай вобласці баявыя дзеянні фіксуюцца толькі ў ваколіцах сяла Сынькоўка, дзе Збройныя сілы Украіны цягам апошніх содняў адбілі пяць атак праціўніка. На гэтым жа ўчастку фронту самыя ўкраінцы контратакуюць. Зменаў па лініі сутыкнення не зафіксавана.

На суседнім ліманскім кірунку асноўная наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў лакалізуецца на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці. У Генштабе ЗСУ пішуць пра 14 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Церны і Ямпалаўка.

Пры гэтым украінскія вайскоўцы, якія трымаюць абарону на гэтым участку, гавораць, што тэмпы наступу расейцаў істотна знізіліся, што ў першую чаргу звязана з вялізнай колькасцю БпЛА, а таксама шчыльнай працай артылерыі, танкаў і мінамётаў ЗСУ. Адзначаецца, што агулам сітуацыя на торскім выступе стабільная, а паведамленні прарасейскіх крыніцаў аб прасоўваннях часцяком не адпавядаюць рэчаіснасці.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва па-ранейшаму застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся ў перспектыве выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Украінскі Генштаб фіксуе 16 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка, Андрэеўка і Тарэцк.

Між тым самыя вайскоўцы ЗСУ пішуць, што расейцы крыху прасунуліся ў ваколіцах Багданаўкі, але пакуль ім не даюць замацавацца.

Тэлеграм-канал «Белорусский силовик» паведамляе, што ЗСУ падцягваюць рэзервы да населенага пункту.

Ніжэй па лініі фронту расейцы прабіліся да Іванаўскага і занялі некалькі дамоў на ўсходзе сяла. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што прасоўванні адбыліся па вуліцы, якая ляжыць з поўдня ад дарогі Т 0504 (праходзіць цераз самое Іванаўскае).

Іншая крыніца – «Говорять Снайпер» – піша, што таксама УС РФ ціснуць у лесапасадках на паўночным усходзе і поўначы ад сяла.

Пры гэтым адзначаецца, што расейцы маюць істотныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.

ЗСУ контратакуюць каля Іванаўскага і Клішчыеўкі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Тэлеграм-канал «Офіцер»,  піша, што складаная сітуацыя для ЗСУ захоўваецца і на аўдзееўскім кірунку. Тут расейцы, пасля няўдалых штурмаў сяла Ластачкіна, вырашылі абысці яго з поўначы і поўдня цераз населеныя пункты Арлоўка і Севернае адпаведна. Адзначаецца, што на абодвух участках УС РФ маюць прасоўванні.

Аналітыкі праекту Deepstate пацвярджаюць прасоўванні расейцаў у Северным і на ўсходзе ад Арлоўкі.

«Говорять Снайпер» удакладняе, што Севернае амаль цалкам пад расейскім кантролем. Таксама, паводле крыніцы, войскі РФ ціснуць на Стэпавое (на захадзе ад Аўдзееўкі) – заходняя частка сяла пакуль застаецца за ЗСУ.

Разам з тым найбольшая наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў цягам апошніх содняў назіраецца на суседнім мар’інскім кірунку: паводле Генштабу ЗСУ, тут сілы абароны краіны адбілі не менш за 43 атакі праціўніка ў ваколіцах сёлаў Пабеда і Новаміхайлаўка.

Пры гэтым аналітыкі Deepstate гавораць, што ўкраінцы выбілі праціўніка з Пабеды. Нагадаем, раней у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра захоп гэтага населенага пункту.

Адсутнасць кантролю УС над сялом адмаўляе і прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора», які піша пра баі ў Пабедзе.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На паўднёва-заходнім участку фронту ў Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ атакуюць з ваколіцаў сяла Новаданецкае ў бок суседняга населенага пункту Залатая Ніва – вядома прынамсі пра тры безвыніковыя спробы прасунуцца за апошнія содні.

У Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў паміж сёламі Вэрбовае і Работына.

Канал «Два майора» адзначае, што ЗСУ вядуць манеўраную абарону, а таксама перакідаюць рэзервы да Арэхава.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на левым беразе Дняпра, дзе Збройныя сілы Украіны ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. 

Пры гэтым, нягледзячы на ранейшую заяву Міністра абароны РФ Сяргея Шайгу пра зачыстку сяла Крынкі, ЗСУ застаюцца ў населеным пункце, пра што сведчыць усталяванне імі 23 лютага дзяржаўнага сцягу Украіны.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў