ЗСУ стабілізавалі сітуацыю ў ваколіцах Часавага Яру. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 779-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чальцы сібірскага батальёну, сфармаванага пераважна з добраахвотнікаў-расейцаў Інтэрнацыянальнага легіёну ЗСУ, праходзяць практыку падчас вайсковых вучэнняў у невядомым месцы ў Кіеўскай вобласці, Украіна. 10 красавіка 2024 года.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў паступова змяшчаецца за раку Северскі Данец: паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, цягам апошніх содняў расейцы правялі шэраг атак у ваколіцах населеных пунктаў Выемка, Раздолаўка, Верхнякаменскае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што на апошнім участку баі ідуць у ваколіцах мелавога кар’еру. Наступаючы тут, войскі РФ намагаюцца заняць панавальныя вышыні каля населенага пункту.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць у ваколіцах гораду Часаў Яр.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што УС РФ абыходзяць горад з флангаў: на поўначы яны прасоўваюцца ад сяла Багданаўка ў бок пасёлку Калінаўка, па поўдні – уздоўж трасы Т-0504. Акрамя гэтага крыніца заяўляе, што расейцы расшырылі зону кантролю ў раёне Часавага Яру, які знаходзіцца на ўсходзе ад каналу Северскі Данец – Данбас.

Баі на ўсходзе гораду пацвярджае канал «Рыбарь».

Між тым праўкраінскі «Говорять Снайпер» сцвярджае, што ўвесь Часаў Яр і ягоныя ўскрайкі знаходзяцца пад поўным кантролем сілаў абароны Украіны. Пры гэтым удакладняецца, што расейцы цягам содняў праводзілі маштабны штурм, ужыўшы больш за 15 адзінак тэхнікі, але былі разбітыя ды адышлі.

Пра адсутнасць расейцаў у горадзе пішуць і тэлеграм-каналы «Офіцер» і «Бахмутський Демон»

Акрамя гэтага праўкраінскія крыніцы паведамляюць пра адносную стабільнасць фронту на поўначы і поўдні ад Часавага Яру каля сёлаў Багданаўка, Андрэеўка і Іванаўскае.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы цягам апошніх содняў атакавалі на захадзе ад аднайменнага гораду каля сёлаў Новакалінавае, Уманскае, Первамайскае і Няйталава, але поспеху не мелі.

У гэты ж час «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ прасунуліся на поўдні ад Новакалінавага, заняўшы некалькі лесапасадак.

Hавiны
«У Расеі няма дастатковых сілаў». Ва Украіне ацанілі сітуацыю на беларускім напрамку
2024.04.10 15:28

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што таксама расейцы маюць поспех на поўначы ад сяла Бэрдычы.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што таксама войскі РФ развіваюць наступ на паўднёвых ускрайках Уманскага, але гэтую інфармацыю пакуль не пацвярджае «Рыбарь».

Праўкраінскі «Офіцер» паведамляе, што на ўчастку паміж Уманскім і Танэнькім УС РФ намагаюцца праводзіць штурмавыя дзеянні, але поспеху не маюць.

На навапаўлаўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, Збройныя сілы адбілі шматлікія атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка і Новаміхайлаўка.

Вайскоўцы 46-й брыгады гавораць, што паралельна з атакамі на Краснагораўку, расейцы руйнуюць горад ударамі авіяцыі і артылерыі.

Адсутнасць істотных зменаў на кірунку пацвярджае і тэлеграм-канал «Два майора».

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейскія вайскоўцы ціснуць на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя атакі праціўніка каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае. Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што таксама расейцы наступаюць пяхотай каля сяла Прыютнае, адначасова наносячы ўдары авіяцыяй і FPV-дронамі.

На арэхаўскім кірунку баі лакалізуюцца на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына, але пакуль ніводнаму з бакоў канфлікту не ўдаецца істотна прасунуцца.

У Херсонскай вобласці расейцы ціснуць на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць праціўніка з займаных плацдармаў, – Генштаб ЗСУ піша пра сем няўдалых атак на свае пазіцыі за апошнія содні.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў